Уцёкі з Нью-Ёрка
Уцёкі з Нью-Ёрка | |
---|---|
Escape from New York | |
Жанр |
навуковая фантастыка баявік постапакаліптыка |
Рэжысёр | Джон Карпентэр |
Прадзюсар |
Дэбра Хіл Лары Джэй Франка |
Сцэнарыст |
Джон Карпентэр Нік Касл |
У галоўных ролях |
Курт Расэл Лі Ван Кліф Эрнест Баргнайн Дональд Плезенс Айзэк Хэйз Гары Дын Стэнтан Эдрыен Барба Том Эткінс |
Аператар |
Дын Кандзі Джым Лукас |
Кампазітар |
Джон Карпентэр Алан Ховарт |
Кінакампанія |
Goldcrest Films AVCO Embassy Pictures |
Працягласць | 99 хвіліна |
Бюджэт | $ 6,0 млн |
Зборы | $ 25,24 млн |
Краіна | ЗША |
Мова | Англійская |
Год | 1981 |
Папярэдні фільм |
|
Наступны фільм | Уцёкі з Лос-Анджэлеса |
IMDb | ID 0082340 |
Афіцыйны сайт (англ.) |
«Уцёкі з Нью-Ёрка» (англ.: Escape from New York) — амерыканскі навукова-фантастычны баявік 1981 года ад рэжысёра Джона Карпентэра. Падзеі разгортваюцца ў 1997 годзе ў ЗША, якія загразлі ў бандытызме і пераўтварылі востраў Манхэтэн ў турму спецыяльнага рэжыму. Былы салдат Снэйк Пліскін павінен за 22 гадзіны знайсці і выратаваць прэзідэнта ЗША і запіс яго прамовы, пасля таго як самалёт прэзідэнта патрапіў у катастрофу пасярод вострава-турмы.
Сцэнарый для фільма быў напісаны Джонам Карпентэрам яшчэ ў сярэдзіне 1970-х гадоў, як рэакцыя на Уотэргейцкі скандал, але ён не змог пераканаць спонсараў у неабходнасці зняць фільм. Але ў пачатку 1980-х гадоў у Карпентэра было дастаткова сродкаў і ўплыву, каб рэалізаваць сцэнарый. Дапрацаваць сцэнарый фільма Карпентэру дапамог Нік Касл, з якім Карпентэр ужо супрацоўнічаў падчас здымак «Хэлаўіна» (1978).
Фільм таксама з’яўляецца прыкладам стужкі з невялікім бюджэтам, якая атрымала вялікі камерцыйны поспех, а потым стала культавай.
Сюжэт
[правіць | правіць зыходнік]Турма на востраве Манхэтэн была створана як рэакцыя на хвалі гвалта і бандытызма, якія ўзраслі на 400 % і накрылі Злучаныя Штаты ў 1970-80-х гадах. Усе вязні турмы асуджаныя на пажыццёвае зняволенне і не маюць аніякіх шанцаў калі-небудзь выйсці з турмы. Востраў аточаны 15-метровым мурам, а ўсе тунэлі і масты, якія вядуць у Манхэтэн, зруйнаваны ці замініраваны, каб не даць нікому збегчы. Востраў рэгулярна патрулюецца па вадзе, але паліцыі і ахове забаронена высаджвацца на востраў.
Тым часам ідзе Трэцяя Сусветная Вайна, і амерыканскі прэзідэнт (Дональд Плезенс) вяртаецца з трохбаковага саміта паміж ЗША, СССР і Кітаем. Самалёт прэзідэнта атакуюць тэрарысты, але таму ўдаецца выратавацца ў спецыяльнай выратавальнай капсуле, якая прызямляецца ў цэнтры Манхэтэна. Вязні турмы захопліваюць прэзідэнта ў палон і патрабуюць ад уладаў неадкладна вызваліць усіх, хто знаходзіцца на востраве.
Для выратавальнай місіі камісар паліцыі Нью-Ёрка Боб Хаўк (Лі Ван Кліф) вырашае прыцягнуць былога салдата спецыяльнага падраздзялення амерыканскага войска, які пайшоў крымінальным шляхам, Снэйка Пліскіна (Курт Расэл). У абмен на згоду Хаўк прапануе Пліскіну зняць з таго ўсе абвінавачванні. Пліскін неахвотна пагаджаецца выканаць місію, але, нягледзячы на гэта, Хаўк робіць яму прышчэпку-імплант мікраскапічных выбуховак, якія выбухнуць праз 24 гадзіны ў соннай артэрыі. Так Хаўк вырашае пераканацца, што Пліскін не кіне выкананне задання і не ўцячэ. Выбухоўкі можна абясшкодзіць толькі за 15 хвілін да заканчэння 24-гадзіннага тэрміна і толькі з дапамогай рэнтгенаўскага выпраменьвання.
Пліскін прызямляецца на глайдэры-невідзімцы на даху Сусветнага Гандлёвага Цэнтра і пачынае пошукі прэзідэнта. Неўзабаве ён сустракае кіроўцу мясцовага таксі Кэбі (Эрнест Баргнайн), які адвозіць таго да Гаральда Хэлмана (Гары Дын Стэнтан) па мянушцы Мозг. Апошні з’яўляецца сябрам самага буйнога хаўруса бандытаў турмы пад кіраваннем самаабвешчанага Герцага Нью-Ёрка (Айзэк Хэйс). Герцаг трымае прэзідэнта ў закладніках з намерам выкарыстоўваць яго ў якасці жывога шчыта падчас уцёкаў з Манхэтэна праз мост на 69-й вуліцы. Пліскін разам з Мозгам і яго дзяўчынай Мэгі (Эдрыен Барба) пранікаюць у лагер Герцага з намерам вызваліць прэзідэнта, але самі трапляюць у палон.
Пліскіна прымушаюць біцца на рынгу дзеля забавы, у той час як Мозг і Мэгі акручваюць памочніка Герцага Рамэра, забіваюць таго і ўцякаюць з прэзідэнтам. Пліскін далучаецца да ўцекачоў, якім дапамагае Кэбі на сваім таксі. Яны намагаюцца праехаць праз замініраваны мост, у той час як Герцаг пераследуе іх са сваімі саюзнікамі. Таксі Кэбі трапляе на міну і ўшчэнт разбіваецца. Кэбі гіне падчас выбуху, Мозг неўзабаве таксама падрываецца на міне, і Мэгі вырашае застацца з ім. Пліскін разам з прэзідэнтам дабіраюцца да мура. Прэзідэнта падымаюць першага, і ён застрэльвае Герцага. Пліскіна таксама ратуюць і абясшкоджваюць выбухоўкі ў яго крыві.
Хаўк прапануе Пліскіну працаваць на яго, але той адмаўляецца. Прэзідэнт вырашае прадэманстраваць запіс прамовы з нагоды саміта, якая павінна эскаліраваць вайну далей, але на касеце аказваецца запіс песні ў стылі свінг. Пліскін сыходзіць і па дарозе знішчае касету з сапраўднай прамовай.
У ролях
[правіць | правіць зыходнік]Акцёр | Роля |
---|---|
Курт Расэл | Боб «Снэйк» Пліскін |
Лі Ван Кліф | Боб Хаўк |
Эрнест Баргнайн | Кэбі |
Дональд Плезенс | прэзідэнт ЗША |
Айзек Хейз | Герцаг Нью-Ёрка |
Гары Дын Стэнтан | Гаральд «Мозг» Хэлмэн |
Эдрыен Барба | Мэгі |
Том Адкінз | Рэм |
Фрэнк Даблдэй | Рамэра |
Здымачны працэс і пракат
[правіць | правіць зыходнік]Знайсці месца для здымак было вельмі цяжкай задачай для Карпентэра, якому трэба было паказаць постапакаліптычны, брудны і напалову разбураны Нью-Ёрк. Здымаць непасрэдна ў Нью-Ёрку было б цяжка, бо немагчыма было знайсці патрэбных планаў. Таму было вырашана камандзіраваць менеджара па падбору мясцовасці для здымкаў у падарожжа з мэтай знайсці самы дрэнны горад у ЗША. У выніку на ролю Нью-Ёрка выбралі горад Іст-Сент-Луіс у штаце Ілінойс, таму што ў ім прысутнічалі неабходныя панарамы з разбуранымі і бруднымі дамамі, якія перажылі вялікі пажар 1976 года. Мост на 69-й вуліцы таксама знайшлі ў Іст-Сент-Луісе.
Фільм выйшаў у пракат 23 мая 1981 года ў Японіі. Амерыканская прэм’ера адбылася 10 ліпеня 1981 года. На першым тыдні праката фільм амаль што акупіў усе сродкі, якія былі затрачаны на здымкі. У выніку фільм акупіў свой бюджэт больш чым у 4 разы.
Сіквел
[правіць | правіць зыходнік]У 1996 годзе Карпентэр зняў своеасаблівы сіквел Уцёкаў з Нью-Ёрка пад назвай Уцёкі з Лос-Анджэлеса з Куртам Расэлам у галоўнай ролі.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- «Уцёкі з Нью-Ёрка» на сайце «Internet Movie Database» (англ.)
- «Уцёкі з Нью-Ёрка» на сайце «Rotten Tomatoes» (англ.) (рэйтынг 83 % па выніках 48 водгукаў)
- Фільмы паводле алфавіта
- Фільмы 1981 года
- Фільмы ЗША 1981 года
- Фільмы-баевікі ЗША
- Прыгодніцкія фільмы ЗША
- Навукова-фантастычныя фільмы ЗША
- Незалежныя фільмы
- Постапакаліптычныя фільмы
- Фільмы пра Нью-Ёрк
- Фільмы пра выдуманых прэзідэнтаў ЗША
- Фільмы на англійскай мове
- Фільмы Джона Карпентэра
- Фільмы па сцэнарыях Джона Карпентэра